Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч высока ацэньвае патэнцыял супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў сферы чыгуначнага транспарту. Аб гэтым ён заявіў 7 мая ў Мінску ў час наведвання перасовачнага выставачна-лекцыйнага комплексу ААТ "РЧ".
"Асноўная мэта наведвання перасовачнай выстаўкі заключаецца ў тым, каб не толькі паглядзець, што робіцца ў суседзяў, але і ацаніць, у якіх праектах мы маглі б удзельнічаць", – адзначыў кіраўнік Урада. На яго думку, у Беларусі і Расіі добрыя перспектывы для партнёрства і кааперацыі ў галіне вытворчасці новага рухомага саставу і вагонаў, распрацоўкі і ўкаранення інавацыйных тэхналогій для чыгуначнага комплексу. "Паколькі Расійская Федэрацыя плануе сур'ёзна заняцца непасрэдна стварэннем цэлай серыі усяго таго, што звязана і з цягай, і з вагонам, і з сумежнікамі, тут вельмі шмат будзе магчымасцей для нашых прадпрыемстваў і міністэрстваў, каб па кааперацыі ўдзельнічаць у вытворчасці як для патрэб РЧ, так і БЧ", – сказаў ён.
У якасці аднаго з магчымых напрамкаў партнёрства Міхаіл Мясніковіч назваў вытворчасць святлодыёдных свяцілень для паяздоў. "Тут неабсяжная сфера прымянення. Гэта вельмі актуальна для чыгункі і па тэхнічных характарыстыках, і па ўстойлівасці", – растлумачыў ён. Вялікія перспектывы для ўзаемадзеяння ў бакоў і ў сферы забеспячэння бяспекі руху паяздоў. "Лічу, што гэту работу мы прадоўжым ва ўрадзе для таго, каб вызначыць канкрэтныя напрамкі, па якіх будзе арганізавана супрацоўніцтва з нашым стратэгічным партнёрам – Расіяй", – дадаў Прэм'ер-міністр.
Развіццю чыгункі ў Беларусі заўсёды ўдзялялі асаблівую ўвагу. Гэты напрамак вельмі важны для ўмацавання транзітнага патэнцыялу краіны. "Мы развіваем транзіт і павінны адпавядаць самым высокім патрабаванням у гэтай сферы, – падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. – Дзяржава заўсёды ўдзяляла вялікую ўвагу развіццю чыгункі, а гэта 5,5 тыс.км, 70 працэнтаў грузаабароту і палавіна пасажыраперавозак".
Прэм'ер-міністр адзначыў дынамічнае развіццё БЧ, яе паспяховую работу па павелічэнню грузаперавозак, абнаўленню парку рухомага саставу. "Фактычна сёння кожнае дэпо, магчыма за некаторым выключэннем, гэта своеасаблівыя значныя заводы, – дадаў ён. – Я думаю, што і электрычкі мы будзем рабіць, гэта рэальна".
У гэтым годзе Беларуская чыгунка адзначае 150-годдзе. "Гэта цудоўны юбілей. Мы не вельмі сур'ёзна адстаём ад чыгункі Расіі не толькі па ўзросту, але і тэхнічных характарыстыках, – заявіў Міхаіл Мясніковіч. – Віншуючы чыгуначнікаў, хацелася б пажадаць ім поспехаў у сумесных работах з расіянамі, каб павышаць эфектыўнасць чыгункі".
У час наведвання перасовачнага выставачна-лекцыйнага комплексу РЧ Міхаіл Мясніковіч азнаёміўся з інавацыйнымі дасягненнямі чыгуначнага транспарту, у тым ліку наведаў экспазіцыю вагона "Сучасныя ядзерныя тэхналогіі. Дзяржкарпарацыя "Расатам". Прадстаўленая тут інфармацыя знаёміць з паходжаннем радыяцыі, яе прыроднымі крыніцамі і ступенню ўздзеяння на чалавека. У гэтым вагоне можна таксама азнаёміцца з найноўшымі тэхналогіямі, якія будуць выкарыстаны пры будаўніцтве беларускай АЭС. Прэм'ер-міністр даў высокую ацэнку беларускім напрацоўкам па забеспячэнню бяспекі будучай атамнай станцыі.
Кіраўнік Урада таксама агледзеў сучасны электрапоезд швейцарскай кампаніі Stadler і манеўраны цеплавоз, сабраны пры ўдзеле чэшскай кампаніі CZ LOKO.
Урад Рэспублiкi Беларусь
Дзейнасць Урада
Медыягалерэя



